«Маім першым словам на мове было свабода»: вершы Вікторыі Трыфанавай
Пра аўтарку:

Вікторыя Трыфанава нарадзілася ў Менску ў 2001. Студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.

Скончыла гістарычны профіль Ліцэю БДУ. Выпускніца Школы маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў (2021).

Фіналістка “Фэсту аднаго верша” (2020, 2021).

Публікацыі:
Культурный проект «ФЛАГИ» Литературная площадка Кифареды




***

прагульваць пары каб ехаць на менскае мора
і што што ўжо не лета і ног не памочыш
мяне кранае цішыня неба
даўжыня рэйкі
ліхтарыкі і каменне
як адно ўражанне, якое я аднойчы згубіла
і не змагла аднавіць.
***
месца пусцее
сціраюцца ўспаміны
пра людзей якія болей тут не жывуць
як хутка магчыма на іх забыцца і ці магчыма
каб імёны іх зніклі разам з назвамі вуліц
якімі мы віравалі

у адной з верагодных будучынь дзе ёсць я
і я не выходжу з вакна
не раблюся прапагандысткай
у адным з варыянтаў рэальнасці
я пішу верш на “нармальнай” мове
пра постсаветчыну ў ім нічога
ён аніяк не звязаны з усходняй еўропай
я маю адзінае магчымае грамадзянства
і з гонарам называюся грамадзянкай свету

але калісьці я жыла ў горадзе з шырокімі вуліцамі
дзе на кожным рагу была сацыяльная рэклама
і абвесткі ў транспарце лашчылі слых асанансам
а калі было вельмі пякуча ўлетку
каштаны маглі зацвісці дадатковы раз
(так было ў жніўні 2002
калі нарадзіўся мой малодшы брат)

а ў 2022 пад шкляным каптуром пачуваюся
паветра няма:
пачні свой ранак з адчування бездапаможнасці
вады пад нагамі

and who am i?

that's one secret I'll never tell

бо каб даведацца хто ты
чалавеку даюць цэлае жыццё
у пазыку часу

але час у гэтым месцы няісны
усё пэрманентна: ты або ведаеш
або ўжо ніколі ніяк не даведаешся
ніколі не зможаш даведацца
таму што час тут бетонная пліта
і пад ёй ня тое што дыхаць
не зварушыцца

як выбрацца з гэтага месца?
як далёка можна з'ехаць
пакуль цябе не прыцягне назад?
раман з горадам гэта ніколі не пра каханне
ён гаворыць і паказвае
ты глядзіш

сляпое абажанне падпарадкаванне
дзіцячае псеўдапрыняцце якога ніколі не досыць

падклад выносяць на скрыжаванне каб адвесці сурок
але нічога не адназначна і магчымыя варыянты
у якіх бяда разносіцца па свеце
а не нейтралізуецца назіраннем
саўдзелам сведчаннем

і карма адзінае што давіць на плечы шторанку
і нагадвае каб трымаў свой хрыбетнік штодня
вертыкальна як дрэва ў любімым парку
бо па-іншым няможна
па-іншым = ніяк


***

маім першым словам на мове было
свабода
толькі таму, што я не ўмела
слушна пісаць па-руску
і не ведаю ці зараз лепш
бо зараз я ўвогуле непісьменная
на дзесяць памылак прыходзіцца
адзін верш


***

набярэжныя - ідэальнае месца для разваг
у XIX стагоддзі
пасля Халакосту развагі пра гуманізм на набярэжнай
прывілейная опцыя
для тых, хто не баіцца бруду

хтосьці верыць, што вада ачышчае душу
але праўда ў тым, што шанцаў у ракі - ніякіх
асабліва калі яна чырвоная ад крыві
і смурод накрыў наваколле

рака ў горадзе - параза індустрыяльнай культуры
(чалавечая прырода паўсюль застаецца прыродай)
што да ўмоў,
хто ведае больш пра гісторыю?

жыхар горада
ці бабця з вёскі лазавыя?
(мой сябра распавядаў пра бабку якая стала пнём
і храніла ў сабе ўсе веды свайго веку)

які сэнс у набярэжных калі няможна абняць дрэвы?

што ёсць набярэжная для гуманітарнай навукі
калі гэта не набярэжная свіслачы
і на ёй не стаяць акудовіч і вольга шпарага
і не чытаюць свае тэксты

я не магу растлумачыць чаму
свіслач у маім роце ператвараецца ў сволач
але я памятаю лічылку
дзе фігуруе москва-река

*
бяспека яшчэ нікога не вучыла жыццю
ці чалавечнасці
але нехта заўчасна глядзіць на ваду і ў ваду

так студэнтаў з курортнікамі на набярэжнай
яднае
страх глыбіні

верш пра дзяўчынку а як яе звалі ніхто не ведае



у трынаццаць змяніла імя і прозвішча
з гэтага было два вынікі:
яна была знішчана
я нарадзілася зноў

але
яе ўспаміны вяртаюцца да мяне раз-пораз
матылём з мінулага жыцця
і ўночы сідзяць ля маёй шчакі

я пякельна баюся матылёў
але людзі кажуць - дурное

калі падаю у ноч
і мозг правярае
ці ўсё яшчэ б'ецца сэрца
прачынаюся ў халодным поце

бо калі мне страшна
яна ўсё адно заве маму

Zero block
Click "Block Editor" to enter the edit mode. Use layers, shapes and customize adaptability. Everything is in your hands.
Tilda Publishing
create your own block from scratch
Made on
Tilda