«Лявацкая здрада ці каханне?»: як мастачка Вікта Грабеннікава выяўляе фемінісцкую і квірную перспектывы

Пра аўтарку:


Квір-маста:чка, арт-актывістка, фемка (Вікта працуе з рэклеймінгам гэтага слова), эмігрант:ка, культурная даследавацель:ніца.

Нарадзілась у Віцебску ў 1998 годзе, з 2016 жыла і працавала ў Менску. Скончыла бакалаврыят па спецыяльнасці "культуралагіня-мэнеджэрка" ў БДУКіМ, вывучала сучаснае мастацтва ў ECLAB.

З 2022 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, базуецца ў Варшаве. За межамі асабістай мастацкай практыкі працуе з актывісцкімі праектамі як ілюстратарка, лектарка і даследавательніца.

Супрацоўнічала з DOTYK, MAKEOUT, tender na gender, Фем-групай КС і іншымі.
Realistic selfportret

Менск, 2021


3D-скульптура, зробленная ў адносна стабільным псіхічным стане, які на той час для мяне падтрымлівала медыкаментозная тэрапія. Гэта партрэт раздробленай асабістасці, непаразумення, немажлівасці ухапіцца за сябе і вызначыць уласны вобраз.


Cімптаматыка

Менск, 2021

Дзённікавыя калажы з фатаздымкаў, зробленых падчас першага досведу медычнага лекавання псіхічнай хваробы.

У 2020 мне дыягнаставалі дэзадаптыўны розлад з трывожна-дэпрэсіўнай сімптаматыкай. Я шмат плакала, раздражнялась і нічога не хацела ад жыцця — толькі каб мой мозг пачаў працаваць лепей.
Я злавалася на людзей без псіхічных хваробаў, адчувала нерухомасць і жорсткасць сістэмы, ў якой жыла. Я не разумела, як можна заставацца здаровай ў Беларусі ў 2020 годзе і ў сучасным свеце наогул. Мне было важна, страшна і цікава адсачыць працэс змянення хіміі майго мозгу падчас ужывання лекаў.


Вяселле

Менск, 2021

Серыя калажоў, якая адлюстроўвае мой досвед рэгістрацыі квір-шлюбу. У ёй я разважаю пра жаночы лёс, ролю дзяржавы ў асабістым жыцці людзей, засяроджанасць грамадства на каханні і шлюбе пры адначасовай квірфобіі.

Падчас рэгістрацыі шлюбу са сваёй жонкай я нечакана для сябе зразумела, што адчуваю гэта кранальным. Пачуццё было нечаканым, бо я паліаморная асоба, якая крытыкуе гетэранарматыўныя патэрны, лявачка і фемка. Але я хвалявалася, пераабдумвала нашую будычыню і сумеснае жыццё, адчувала ўрачытасць, страх і асалоду.

Мне было цікава назіраць за сабой у гэтым працэсе і адлюстроўваць яго.
Гэта квір-актывізм? Гэта лявацкая здрада? Гэта каханне? Гэта жаданне святкаваць? Мабыць, усё разам.


МУС

Менск, 2020

2020 год. Хваля гвалту, згвалтаванні, катаванні. Я назірала і ўглядалась.
Было балюча. Я адчувала сябе злой і рашучай.
Застаемся

Менск, 2021

Калажы пра жыццё ў Беларусі ва умовах дзяржаўнага гвалту.


Камера

Менск-Вільня, 2022

3D-мадэль камеры жодзінскай турмы, дзе я адсядзела 15 сутак пасля затрымання на антываенным мітынгу. Праца даследуе досвед ціску і катаванняў, якія беларуская дзяржава выкарыстоўвае супраць палітычных вяз_ынак, а таксама цячэнне часу за кратамі.

Гэтая мадэль пустая і прымітыўная, занадта чыстая — яна робіць досвед безасабовым. Але адначасова гэта дакументацыя досведу — мадэль распрацоўвалася па ўспамінах тых, хто сядзеў на сутках побач са мной. Я пачала працу над мадэллю, каб вярнуць кантроль над уласнай памяццю.
Russian culture

Вільня-Варшава, 2022

Серыя ілюстрацый, зробленая па замове беларускага мастацкага часопісу statusproject да тэксту пра адносіны расейскага імперыялістычнага ваеннага гвалту і распаўсюду расейскай культуры на (квазі) каланізаваных тэрыторыях, у прыватнасці, у Беларусі.
Лічбавыя калажы перапрацоўваюць мемы, таму што адлюстроўваць расею мне хочацца толькі праз жарт. Гэтай працай я не хацела дадаваць вагі расейскай культуры , казаць пра яе ў сер’ёзным, паважлівым тоне.
Made on
Tilda