«Зямля, напітаная
былым і будучым гвалтам»: вершы Ўлады Хмель
***

яшчэ не стагоддзе,
але чатыры яго чвэрці
прапрабабчына спадчына —
статак
касматашыіх,
аксамітнарогіх,
шчацініставусных важанак --
назірае,
прыслухоўваецца,
сцеражэцца.
толькі чатыры яго чвэрці
бяжыць людзей
толькі чатыры
чакае ваўкоў,
толькі чатыры чвэрці
жыве ўва мне,
неўміручы,
самай сваёй
паўночнасцю.

чатыры аленевых ува мне чвэрці
на маю ў сабе адну,
але адзін дотык —
і дзясяткі капытоў разбегліся ў розныя бакі,
і я ледзь засталася цэлай.


***

світальная плынь,
праліўшыся праз фіранкі,
абдавала цябе смарагдам:
шыя,
плечы,
лапаткі,
перапады шырэйшых мышц і храбта,
схіл паясніцы
з ледзь бачным ужо рэльефам рызінкі —
і я
нарэшце цябе пазнала:

паветра празрыстае,
і сонца
не мае ані захаду, ані ўсходу —
проста качаецца амаль па гарызонце,
і час
праз белыя ночы ды адсутнасць гадзіннікаў робіцца зусім умоўным і вымяраецца хіба што сном, а асабліва доўгі — смерцю.
і не дамы
вырастаюць з меліяраванай дрыгвы, але дрэвы —
праз хаты,
і жалезныя лодкі,
і праз бетон узлётных палос.

я гляджу на зялёныя плечы твае і
— нарэшце —
ведаю,
чаму абдымаць іх
заўсёды адчуваецца як вяртанне
дадому.

***

у першую чаргу,
у языку
адчуваю метал завушніцы —
вухам, якому спачатку халодна,
і толькі пасля — вільгатна.
І раптам слова, якое ніяк не падыходзіць для рэчы,
змешчанай у роце,
робіцца самым
што ёсць
дарэчным.


***

і кожнае наша разам —
вышыўка:
ты — рука,
я — ручнік.
датыкаешся,
пранізваеш паміж нітак,
уваходзячы ў самае маё палатно

і на каленцы, сцягне, смочцы і сківіцы
расцвітаюць
бяссмертнік, палын, медуніца і —
папараць,
усе аднолькавымі,
блакітна-пунсовымі,
колерамі.

Zero block
Click "Block Editor" to enter the edit mode. Use layers, shapes and customize adaptability. Everything is in your hands.
Tilda Publishing
create your own block from scratch
***

мая зямля, напітаная
былым і будучым гвалтам,
бы спружынны матрац
з арэндаванай халупы
ў цэнтры гэтага даўно пакінутага вёснамі горада —
чужой крывёй і эякулятам,
пра якія ты штоноч спрабуеш забыцца,
хаваючы праўду
пад водарам свежасці ад арыэль.

але ложак робiцца ліпкім,
калі у апошнюю ноч
па-мясцоваму бясконцага лютага
чуеш каханкаў,
што прамаўляюць самыя травеньскія словы свае
так,
нібы чытаюць
ці то пратакол,
ці то малітву.

***

прыцемкі, і толькі вецер
стварае асобнасць —
ласкатанне валасоў —
прастору трэння —
мяжу.

біты яблык,
колкая каленка.

Made on
Tilda