«Выйсці з лазні ў снег і больш не заходзіць назад»: вершы тосі бабіналета
Аб аўтарке:

тося бабіналета (нар. 2000 у Мінске) — пісьменніца, драматургіня і паэтка. Навучалася на журфаку БДУ. Уздельнічала ў зіне "Перекладина", у драматургічнай лабараторыі "Открывачка-2020" і "Міжнароднай драматургічнай лабараторыі пры Цэнтры беларускай драматургіі-2023".




я нарадзілася тут
у краіне пад шэрым небам
гляджу на сонца якога няма
і нашу рабацінне на твары

у менску больш хмарных дзён чым у лондане
жыхары велікабрытаніі жартуюць
і кажуць што жывуць у татальнай шэрасці
а жыхары беларусі кажуць што менск – горад сонца
бо рэальнаць тут не ўлада
і шэрасць не прысуд

шэры – значыць памежны між белым і чорным
там дзе інь пераходзіць у янь
а дабро пераходзіць у зло

шэры не слепіць вочы
не дае апёкаў
і не замінае глядзець на архітэктуру

шэры твой любімы колер
але я
калі шчыра
яго ненавіджу

кажуць, што ўсіх рабых пацалавала сонейка
але зараз мяне цалуеш толькі ты
бо рэальнасць нам не ўлада
а надвор’е не прысуд

менск – гэта горад цябе

і шэры пачынае мне падабацца




беларускасць трэба шукаць.
ў дзіўных месцах, людзях і часах
унутры сябе
у кнігах і на губах сяброў
але дзе дакладна не ведаю
бо сама знаходжу яе выпадкова

як скарб




лета - час
калі чалавек
ператвараецца ў саляны крышталь
выказвае сваю прыналежнасць да гідрасферы
атрымлівае па патыліцы ад чырвонага гіганта
згадвае якога колеру неба
і як павінны выглядаць клумбы

восень - як выйсці з лазні ў снег і больш не заходзіць назад

зіма як смерць

а вясна - як бясконцая надзея, што пасля смерці яшчэ будзе жыццё




я чула
што зямля, насычаная крывёй
не квітнее.
адкуль жа парк чалюскінцаў?
няўжо не хапіла лімфы?
ці
паэтычная кроў настолькі моцная
што на ёй
усё расце у два разы лепш?
а можа дрэвы ўсмакталі ўсё жалеза
і зараз
можна пачуць

як яны
шапацяць імёны забітых
у такт варушэнням дзіцячай чыгункі
?




паэтка загінула
.
скінулася
і
расклалася на вершы.


Zero block
Click "Block Editor" to enter the edit mode. Use layers, shapes and customize adaptability. Everything is in your hands.
Tilda Publishing
create your own block from scratch
Made on
Tilda