Аб аўтарке:

тося бабіналета (нар. 2000 у Мінске) — пісьменніца, драматургіня і паэтка. Навучалася на журфаку БДУ. Уздельнічала ў зіне «Перекладина», у драматургічнай лабараторыі «Открывачка-2020» і «Міжнароднай драматургічнай лабараторыі пры Цэнтры беларускай драматургіі-2023».

я нарадзілася тут

у краіне пад шэрым небам

гляджу на сонца якога няма

і нашу рабацінне на твары

у менску больш хмарных дзён чым у лондане

жыхары велікабрытаніі жартуюць

і кажуць што жывуць у татальнай шэрасці

а жыхары беларусі кажуць што менск – горад сонца

бо рэальнаць тут не ўлада

і шэрасць не прысуд

шэры – значыць памежны між белым і чорным

там дзе інь пераходзіць у янь

а дабро пераходзіць у зло

шэры не слепіць вочы

не дае апёкаў

і не замінае глядзець на архітэктуру

шэры твой любімы колер

але я

калі шчыра

яго ненавіджу

кажуць, што ўсіх рабых пацалавала сонейка

але зараз мяне цалуеш толькі ты

бо рэальнасць нам не ўлада

а надвор’е не прысуд

менск – гэта горад цябе

і шэры пачынае мне падабацца

 

беларускасць трэба шукаць.

ў дзіўных месцах, людзях і часах

унутры сябе

у кнігах і на губах сяброў

але дзе дакладна не ведаю

бо сама знаходжу яе выпадкова

як скарб

лета — час

калі чалавек

ператвараецца ў саляны крышталь

выказвае сваю прыналежнасць да гідрасферы

атрымлівае па патыліцы ад чырвонага гіганта

згадвае якога колеру неба

і як павінны выглядаць клумбы

восень — як выйсці з лазні ў снег і больш не заходзіць назад

зіма як смерць

а вясна — як бясконцая надзея, што пасля смерці яшчэ будзе жыццё

я чула

што зямля, насычаная крывёй

не квітнее.

адкуль жа парк чалюскінцаў?

няўжо не хапіла лімфы?

ці

паэтычная кроў настолькі моцная

што на ёй

усё расце у два разы лепш?

а можа дрэвы ўсмакталі ўсё жалеза

і зараз

можна пачуць

як яны

шапацяць імёны забітых

у такт варушэнням дзіцячай чыгункі

?

паэтка загінула

.

скінулася

і

расклалася на вершы.